17 верасня беларусы адзначаюць Дзень народнага адзінства
Суайчыннікі! Віншуем Вас з 85-й гадавінай Уз'яднання Беларусі! З Днём народнага адзінства!
Сёння Беларусь святкуе Дзень народнага адзінства — гэтае свята прымеркавана да гадавіны Вызваленчага паходу Чырвонай арміі 17 верасня 1939 года, у выніку якога ажыццявілася Уз'яднанне заходніх і ўсходніх земляў Беларусі (тады БССР).
Да Вызваленчага паходу Чырвонай арміі, на цэлых 18 гадоў, палова тэрыторыі сучаснай Беларусі стала «крэсамі всходнімі» (усходнімі ўскраінамі) - калоніямі Польшчы. І польская ўлада на чале з нацыяналістычным урадам Пілсудскага праводзіла ў дачыненні да беларускага народа сваю каланіяльную палітыку з гвалтоўным апалячваннем беларусаў, т.зв. «паланізацыю».
Правы беларусаў як нацыянальнай меншасці гарантаваліся міжнароднымі дамовамі. Але нягледзячы на гэта, беларусы выцясняліся з палітычнага жыцця Польшчы.
У кнізе «Дзень народнага адзінства» прыводзяцца такія дадзеныя:
«Так, на выбарах 1922 года з 444 дэпутатаў у польскі сойм было абрана толькі 11 беларусаў, а ў сенат — толькі 3 са 111. У 1928 годзе ў сейм было абрана 10 беларусаў, а у сенат — 2. На выбарах 1935 і 1938 гадоў не быў абраны ніводзін беларус».
Гісторыкі зазначаюць, што польскія ўлады разглядалі Заходнюю Беларусь як крыніцу рэсурсаў, таннай працоўнай сілы і як рынак збыту польскай прамысловасці. Больш за палову сялян Заходняй Беларусі былі малазямельнымі ці беззямельнымі. Каля 40% земляў належала памешчыкам ці дзяржаве. Прычым дзяржаўныя землі давалі асаднікам - адстаўным салдатам польскай арміі. Яны атрымлівалі розныя ільготы. Улады праводзілі палітыку паланізацыі і дыскрымінацыі беларускага насельніцтва, актыўна вынішчаючы беларускую мову і культуру.
Савецкі ўрад хацеў дабіцца гістарычнай справядлівасці і ўз'яднаць падзелены беларускі народ. І падставай для гэтага паслужыў пачатак Другой сусветнай вайны. Тады 1 верасня нямецкая армія напала на Польшчу і хуткімі тэмпамі прасоўвалася па яе тэрыторыі. Раніцай 17 верасня польскаму амбасадару ў Маскве была ўручана нота ўрада СССР. У ёй гаварылася:
«Польска-германская вайна выявіла ўнутраную неплацежаздольнасць польскай дзяржавы. Цягам дзесяці дзён ваенных аперацый Польшча страціла ўсе свае прамысловыя раёны і культурныя цэнтры. Варшава, як сталіца Польшчы, не існуе больш. Польскі ўрад распаўся і не падае прыкмет жыцця. Гэта значыць, што польская дзяржава і яе ўрад фактычна перасталі існаваць. Тым самым спынілі сваё дзеянне дамовы, заключаныя паміж СССР і Польшчай. Дадзеная самой сабе і пакінутая без кіраўніцтва Польшча ператварылася ў зручнае поле для ўсякіх выпадковасцяў і нечаканасцяў, якія могуць стварыць пагрозу для СССР. Таму, будучы дагэтуль нейтральным, Савецкі ўрад не можа больш нейтральна ставіцца да гэтых фактаў. Савецкі ўрад не можа таксама абыякава ставіцца да таго, каб адзінакроўныя ўкраінцы і беларусы, якія пражываюць на тэрыторыі Польшчы, кінутыя на волю лёсу, заставаліся безабароннымі. З прычыны такой абстаноўкі, Савецкі ўрад аддаў распараджэнне Галоўнаму камандаванню Чырвонай арміі даць загад войскам перайсці мяжу і ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі…»
У выніку, пасля аб'яднання Заходняй Беларусі з БССР, тэрыторыя рэспублікі склала 225,7 тыс. кв. км, а насельніцтва вырасла да 10 млн. чалавек, павялічыўшыся амаль у два разы.
Па матэрыялах адкрытых Інтэрнэт-крыніц
Хотите поделиться интересной новостью? Отправьте ее нам в телеграм-бот.
Нашли ошибку в тексте? Выделите ее и нажмите CTRL+ENTER.