17 верасня споўнілася 110 гадоў вядомаму паэту і ўдзельніку нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі Максіму Танку

18 сентября 2022, в 10:15. Автор: NPR.BY

Сапраўды, бываюць вельмі цікавыя супадзенні, якія і супадзеннямі цяжка назваць. 17 верасня споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння Максіма Танка (Яўгена Іванавіча Скурко) - вядомага беларускага паэта, грамадска-палітычнага дзеяча. актыўнага ўдзельніка беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі падчас польскага панавання. Дзень Уз'яднання Заходняй Беларусі супадае з днём нараджэння аднаго з яскравых яе прадстаўнікоў.

Максім Танк, які шмат гадоў удзельнічаў у змаганні за Уз'яднанне Беларусі, двойчы за гэта знаходзіўся ў зняволенні ў польскіх турмах, адгукнуўся на падзеі 17 верасня 1939 года вершам "Здарова, таварышы":

Здарова, таварышы! Доўга чакалі
Мы вас і чакала ўся наша зямля.
Не раз мы выходзілі ў сінія далі,
Не раз углядаліся ў сонечны шлях!

Пра вас нашы песні складаліся шчыра,
І колас засмягшы ў полі звінеў,
І кожнай вясною, вітаючы вырай,
Лавілі ўсходняга ветру напеў.

Начамі паўзлі да калючага дроту,
Якім нас хацелі навек раздзяліць,
Мы рвалі яго, звалі Вас на падмогу, -
І вы, дарагія, пачулі, прыйшлі!

Над краем этапных дарог i туманаў,
Над сiнiмi стужкамi блудзячых рэк,
Над хатамi, дзе яшчэ ўчора змярканнем
Зляталася ўсё груганнё на начлег, –

Свабодная песня, парваўшая сiллi,
З напевам арлоў–самалётаў звiнiць.
Здарова, магутныя, зорныя крыллi,
Прынесшыя радасць i шчасныя днi!

Cягоння цымбалы не будуць больш плакаць,
Вясна за сталом загасцiла у нас.
Ад сэрца мы шлём сваё шчырае дзякуй
Сцягам i байцам i паслаўшаму вас.

Гістарычная даведка. Максім Танк (Яўген Івановіч Скурко; 17 верасня 1912 г. - 7 жніўня 1995 г.) - беларускі паэт, перакладчык, дзяржаўны дзеяч. Нарадзіўся ў вёсцы Пількаўшчына - зараз Мядзельскі раён Мінскай вобласці. Актыўны ўдзельнік беларускага нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі ў 1920-х-1930-х гадах, за што двойчы польскімі ўладамі адпраўляўся ў зняволенне.Член Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі з 1936 года. Народны паэт Беларускай ССР (1968). Герой Сацыялістычнай Працы (1974). Лаўрэат Ленінскай (1978) і Сталінскай прэміі другой ступені (1948). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР імя Янкі Купалы (1966). Акадэмік АН Беларускай ССР (1972). Старшыня Вярхоўнага Савета Беларускай ССР (1965-1971).

Асноўная тэма ранніх твораў Максіма Танка – барацьба працоўных Заходняй Беларусі за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, чаму прысвечана зборнікі “На этапах” (1936 г., канфіскаваны польскімі ўладамі), “Журавінавы колер” (1937 г.), “Пад мачтай” (1938 г.), паэма "Нарач" (1937 г.). У гады Вялікай Айчыннай вайны адлюстраваў гераічную барацьбу савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Для пасляваеннай творчасці паэта характэрны жанравае і стылявое багацце, псіхалагізм, зварот да народна-песеннай паэзіі.

—***—
Читайте нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Instagram. Присоединяйтесь!
Хотите поделиться интересной новостью? Отправьте ее нам в телеграм-бот.
Нашли ошибку в тексте? Выделите ее и нажмите CTRL+ENTER.