location-icon
15 декабря 2021, в 13:17. Автор: Родион Попель

Экзэмпляр рэдкай Радзівілаўскай Бібліі выстаўлены ў Нацыянальнай бібліятэцы

Сапраўдны экзэмпляр Радзівілаўскай Бібліі экспануецца ў Музеі кнігі, які размешчаны ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Рэдкі рэлігійны і гістарычны артэфакт дэманструецца ў межах выставы “Той самы падарунак да 1000-годдзя”, што адкрылася для ўсіх жадаючых 14 снежня.

Радзівілаўская Біблія  - важны помнік беларускага кнігадрукавання XVI ст. Гэта маштабнае высокамастацкае выданне ўбачыла свет у 1563 годзе ў друкарні вядомага палітычнага і вайсковага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага князя Мікалая Радзівіла Чорнага ў Брэсце. Па месцу выдання кніга вядома таксама як Брэсцкая Біблія. У XVI ст. у ВКЛ адбывалася пратэстансцкая Рэфармацыя, якую актыўна падтрымліваў і Мікалай Радзівіл Чорны, што быў кальвіністам. Брэсцкая Біблія, якая ў свой час выдавалася для прадстаўнікоў кальвінскай канфесіі, у далейшым атрымала сусветную вядомасць і прызнанне як шэдэўр эпохі Адраджэння. Дакладны наклад Радзівілаўскай кнігі невядомы, але лічыцца, што ён складаў толькі недзе 400-500 экзэмпляраў. Зразумела, што да нашага часу дайшла невялікая колькасць гэтых кніг, што абумовіла іх сучасную рэдкасць. Адзін з экзэмпляраў Радзівілаўскай Бібліі быў набыты ў прыватнай калекцыі і падараваны Брэсту прэзідэнтам Беларусі на тысячагоддзе горада ў 2019 годзе.

У Мінску для азнаямлення шырокай грамадскасці экзэмпляр сапраўднай Радзівілаўскай Бібліі выстаўляецца ўпершыню. “Гэта вельмі важны і хвалюючы дзень, мы ўпершыню выстаўляем сапраўдны экзэмпляр Брэсцкай Бібліі. Гэта не толькі ўнікальны помнік кніжнага мастацтва, але і святая рэліквія. Дзякуючы супрацоўнікам Нацыянальнай бібліятэкі кніга аблічбаваная, што дасць магчымасць навукова-культурнай грамадскасці папрацаваць з гэтым матэрыялам”, — гаворыць дырэктар Музея гісторыі горада Брэста Святлана Тамчук. Разам са спецыяльна прывезеным з Брэста ўнікальным экзэмплярам Радзівілаўскай Бібліі на выставе экспануецца факсімільнае выданне гэтай кнігі. Яно было надрукавана да святкавання тысячагоддзя Брэста і мае дакладна адноўлены памер, знешні выгляд,  пераплёт, рукапісныя надпісы і пазнакі арыгінала.

Убачыць арыгінальны экзэмпляр Радзівілаўскай Бібліі ў Мінску можна на да 21 снежня ўключна, а потым Біблія будзе вернутая ў Брэст. Для ўваходу ў Музей кнігі неабходна мець чытальніцкі білет Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, у выпадку яго адсутнасці білет можна заказаць на першым паверсе бібліятэкі. Час працы Музея кнігі: аўторак, серада, пятніца - з 10.30 да 19.00; чацвер, субота, нядзеля - з 10.00 да 18.00; панядзелак - выходны дзень.

—***—
Читайте нас в Яндекс.Дзен и Google News. Присоединяйтесь!
Хотите поделиться интересной новостью? Отправьте ее нам в телеграм-бот.
Нашли ошибку в тексте? Выделите ее и нажмите CTRL+ENTER.