Автор: NPR.BY
Фото: Соцсети
5 декабря 2023, в 15:15.

Новы ўздым атамнай энергетыкі ў свеце: каментарый

Як паведамляў раней "Наш Партал", у свеце зараз адбываецца сапраўдны новы ўздым атамнай энергетыкі, сведчаннем чаму стала міждзяржаўная дэкларацыя пра патройванне ядзернай энергетыкі да 2050 г,, прынятая на кліматычным саміце, які зараз адбываецца ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах.

Прычыны актыўнага павелічэння магутнасцяў атамнай энергетыкі на планеце і сувязь Беларусі з гэтым сусветным кантэкстам пракаментавалі спецыялісты Цэнтра сацыяльных і інтэграцыйных даследаванняў.

У рамках двухтыднёвага міжнароднага кліматычнага саміту, што праходзіць у цяперашні момант у Дубаі (ААЭ) і ў якім прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі А.Р. Лукашэнка, больш за 20 краін падпісалі дэкларацыю, дзе гаворыцца, што яны абавязваюцца патроіць сусветныя магутнасці ядзернай энергетыкі да 2050 года.

Падобныя меры з'яўляюцца лагічнымі і мэтазгоднымі з пункту гледжання развіцця сучаснай энергетыкі, навукі і тэхнікі, бо атамная энергетыка з'яўляецца па сваёй сутнасці не толькі самай моцнай, але і найбольш экалагічна чыстай крыніцай электраэнергіі ў свеце. Яна не забруджвае навакольнае асяроддзе такімі рэчывамі, як дымавыя газы, попел, скідныя воды і г.д.

У свеце зараз назіраецца новы ўздым ядзернай энергетыкі. Пастаянна будуюцца новыя атамныя электрастанцыі і атамныя рэактары ў многіх дзяржавах.

Так, сярод краін, якія з'яўляюцца вопытнымі эксплуатантамі АЭС, новыя рэактары будуюць ці актыўна рыхтуюцца будаваць Кітай, Расія, ЗША, Францыя, Канада, Брытанія, Індыя, Пакістан, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Іран, Японія, Венгрыя, Чэхія, Славакія, Нідэрланды, Бразілія, Фінляндыя, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Румынія, Паўднёвая Карэя і інш.

Упершыню будуюцца атамныя станцыі ў Турцыі, Егіпце і Бангладэш. Таксама намер пабудаваць свае першыя АЭС выказвалі Польшча, Казахстан, Саудаўская Аравія, Узбекістан, Таіланд, Філіпіны і інш.

Пры гэтым на дадзены момант толькі 3 краіны - Італія, Германія і Летува - адмовіліся ад атамнай энергетыкі, якая існавала ў іх раней (але апошняя з іх выказвала намер пабудаваць АЭС у будучым).

Названай тэндэнцыі развіцця атамнай энергетыкі ў свеце цалкам адпавядае і стварэнне ўласнай атамнай галіны ў Беларусі: у 2021 г. пачаў працу першы энергаблок Беларускай АЭС, з 2023 г. эксплуатуецца яе другі энергаблок.

Таксама ў нашай краіне наладжана праца па падрыхтоўцы айчынных спецыялістаў ў ядзернай энергетыцы, эксплуатацыі АЭС, атамным будаўніцтве. Усё названае адбываецца ў супрацоўніцтве з расійскім "Расатамам" і іншымі інстытуцыямі, які маюць вялікі вопыт будаўніцтва і эксплуатацыі падобных аб'ектаў.

Акрамя гэтага, абмяркоўваецца пытанне пра магчымасць будаўніцтва ў Беларусі другой АЭС ці дапаўняльных энергаблокаў Беларускай АЭС у горадзе Астравец Гродзенскай вобласці. Развіццё гэтай галіны для Беларусі тым больш мае важнае значэнне пры наяўнасці на нашай тэрыторыі невялікай колькасці прыродных рэсурсаў, неабходных для актыўнага развіцця цеплавой, гідра- і альтэрнатыўнай энергетыкі.

—***—
Читайте нас в Яндекс.Дзен и Google News. Присоединяйтесь!
Хотите поделиться интересной новостью? Отправьте ее нам в телеграм-бот.
Нашли ошибку в тексте? Выделите ее и нажмите CTRL+ENTER.