Праваслаўныя хрысціяне святкуюць Пасху

24 апреля 2022, в 08:42. Автор: NPR.BY

Православная Пасха

Рэдакцыя “Нашага Партала” віншуе праваслаўных хрысціян Беларусі і свету з вялікім святам Светлага Хрыстовага Уваскрасення – Пасхай Гасподняй!

Няхай паўсюдна і на розных мовах, урачыста і ўзнёсла гучаць словы:

Хр҃сто́съ въскре́се! Въи́стинѫ въскре́се!
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Христос воскрес! Воистину воскрес!
Χριστὸς ἀνέστη! Ἀληθῶς ἀνέστη!
Christ is risen! Indeed, He is risen!

Сёння – 24 красавіка 2022 г. ад Нараджэння Хрыстова па грыгарыянскім календары ці 11 красавіка 7530 г. ад Стварэння Свету па юліянским календары – праваслаўныя хрысціяне адзначаюць цэнтральнае свята літургічнага года – Пасху, што ў беларускай традыцыі вядома таксама як Вялікдзень. З вечара суботы і да нядзельнай раніцы ва ўсіх праваслаўных храмах Беларусі адбыліся ўрачыстыя велікодныя набажэнствы.

Святочнае набажэнства ў Свята-Духавым кафедральным саборы горада Мінска ўзначаліў прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы – найбуйнейшай канфесіі нашай краіны - Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі.

Ураніцу нядзелі, пасля завяршэння пасхальных набажэнстваў, святары здзейснілі абрад асвячэння традыцыйнай ежы для пасхальнага стала – велікодных пірагоў, тварожных пасах, фарбаваных і распісных яек ды іншых страў, ужываннем якіх праваслаўныя вернікі завяршаюць Вялікі пост, які працягваўся сорак восем дзён.

Пасха з'яўляецца галоўным і самым урачыстым хрысціянскім святам, якое называюць "свята святаў і ўрачыстасць з урачыстасцяў". Гэта найбольш старажытнае царкоўнае свята, якое адзначалася яшчэ ў апостальскі час. У дзень Вялікадня вернікі адзначаюць Светлае Уваскрасенне Ісуса Хрыста з мёртвых і перамогу жыцця над смерцю і цемрай зла.

Паводле Пісання, Ісус паўстаў з труны на трэці дзень пасля Укрыжавання, якое адбылося ў Вялікую Пакутную пятніцу. Уваскрасення Хрыста – Богачалавека і Сына Божага – дало людзям магчымасць вызвалення ад палону граху і выратавання праз абожанне (тэозіс) і ўваход у Царства Нябёснае.

Людзі, якія знаходзяцца ў палоне граху з часоў грэхападзення праайца Адама і прамаці Евы, атрымалі надзею на выратаванне праз Ахвяру Ісуса Хрыста, які дабраахвотна перацярпеў пакуты і Распяцце на Крыжы, памёр на ім, а ў Вялікую суботу зыйшоў у пекла, разбурыў яго муры і вывеў адтуль праведнікаў.

Уваскрасенне Хрыста ў нядзелю адрадзіла чалавецтва, у гонар чаго і было ўсталявана свята Пасхі. У наш час царкоўнае святкаванне Вялікадня працягваецца сорак дзён.

—***—
Читайте нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Instagram. Присоединяйтесь!
Хотите поделиться интересной новостью? Отправьте ее нам в телеграм-бот.
Нашли ошибку в тексте? Выделите ее и нажмите CTRL+ENTER.