location-icon
27 января 2023, в 18:00. Автор: NPR.BY

Развагі пра сітуацыю ў Іране: прыгнятанне правоў чалавека ці барацьба за незалежнасць краіны?

Другая палова 2022 года адзначылася пратэстным рухам у Іране, які праходзіў пад стандартнымі ліберальнымі лозунгамі, што з’яўляюцца звычайным ідэалагічным суправаджэннем пратэстаў і забурэнняў у многіх краінах свету і актыўна падтрымліваюцца Захадам.

Такім чынам, у выпадку Ірана, які і ў многіх іншых падобных выпадках, уласныя супярэчнасці і праблемы гэтай краіны спалучыліся з актыўнымі знешнімі ціскам і рознабаковай падтрымкай забурэнняў. Уласна, гэта і не дзіўна, калі ўлічыць, што Іран – адна з найбольш буйных і суверэнных дзяржаў, якія дэманструюць уласны шлях развіцця і з’яўляюцца важнай кропкай супраціўлення глабальнай сістэме лібералізму, ачоленай Захадам.

У канцы 2022 і пачатку 2023 гадоў пратэсты пайшлі на спад, але Іран, безумоўна, застаецца і будзе заставацца ў цэнтры ўвагі сусветных мас-медыя. Пры гэтым, зразумела, як большасць заходніх, так і некаторыя незаходнія палітычныя сілы і смі, асабліва тыя, што знаходзяцца пад уплывам ліберальнай і глабалісцкай павесткі, занялі жорстка антыіранскую пазіцыю.

Тым не менш, бываюць выключэнні. Сярод іх – тэкст, апублікаваны адным з італьянскіх патрыятычных моладзевых рухаў, аўтар якога ўказаны пад псеўданімам di Saturno. Пагаджацца ці не з усімі выкладзенымі ў ім аргументамі – справа чытача, аднак гэты артыкул цікавы сваёй паслядоўнай пазіцыяй падтрымкі іранскіх суверэнітэту і нацыянальнай культуры, што ідзе яўна насуперак заходнему інфармацыйнаму мэйнстрыму. “Наш Партал” пераклаў дадзены тэкст на беларускую мову і прадстаўляе яго Вашай увазе.

Развагі пра сітуацыю ў Іране

У апошні час Іран ва ўсіх на вуснах з-за ўвагі, якую ён атрымлівае ў заходніх смі. У Іране праходзяць масавыя пратэсты з фемінісцкім і антыўрадавым характарам. На Захадзе амаль усе жорстка сталі на бок пратэстоўцаў, ад простых людзей да сродкаў масавай інфармацыі і палітыкаў (як правых, так і левых), таму што сітуацыя ў Іране разглядаецца як бітва за свабоду жанчын супраць рэпрэсіўнага і мужчынскага рэжыму. Аднак такі пункт гледжання на факты з'яўляецца строга заходнім і не ўлічвае многія аспекты.

Захад з часоў Французскай рэвалюцыі [маецца на ўвазе першая Французская рэвалюцыя 1789-1799 гг. - Прыкл. рэд.] пачаў ставіць вышэй за ўсё прэзумпцыю таго, што існуюць універсальныя каштоўнасці і што сацыяльны прагрэс аднабаковы, і "па супадзенні" менавіта Захад з'яўляецца найбольш высокаразвітым па стандартах, якія ён жа сам і вынайшаў. Канцэпцыя правоў чалавека, зацверджаная пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, гэта матэрыял, народжаны заходнімі людзьмі з заходнімі каштоўнасцямі і заходнімі поглядамі, любы, хто не звязаны з гэтымі "універсальнымі" правамі, аўтаматычна кляймуецца заходнікамі як бесчалавечны монстр.

Тыя, хто лічыць, што іранскі ўрад робіць нешта дрэннае, прымушаючы жанчын апранаць вэлюм, каб прыкрыць валасы, не прымаюць да ўвагі той факт, што не ўсе народы маюць агульны шлях. І калі мы, жыхары Захаду, лічым гэта [палітыку іранскіх уладаў. - Прыкл. рэд.] прыгнятаннем, то толькі таму, што гістарычныя працэсы, праз якія мы прайшлі, спарадзілі культуру, якая прымушае нас разглядаць гэта як нешта няправільнае.

Сённяшні Іран мае не хрысціянскае, а ісламскае паходжанне, у яго ніколі не было такіх жа асветы, вялікіх эгалітарных рухаў, тых жа філосафаў, што і ў нас. І ў выніку гэтага іранцы (як і любы іншы незаходні народ) распрацавалі адрозны лад мыслення, чым наш, не вышэйшы або ніжэйшы, а проста іншы. І менавіта пагэтаму вар'яцтвам з’яўляецца думаць аб тым, каб навязваць адныя і тыя ж правы і законы ўсяму свету. Людзі ўсведамляюць сваю асобу праз сваю культуру, таму чалавек вольны, калі жыве ў адпаведнасці з тым, як яго грамадства вызначае свабоду.

Акрамя таго, меркаванне пра "прыгнятальны іранскі рэжым" не ўлічвае іранскую гісторыю. Гісторыя Ірана ў дваццатым стагоддзі - гэта гісторыя пастаянных нападаў Захаду на яго незалежнасць і каштоўнасці. Падчас двух сусветных войнаў краіна падвергнулася нападу па стратэгічных прычынах з боку ваюючых дзяржаў (спачатку асманаў, рускіх і ангельцаў, а затым саветаў і ангельцаў). У выніку гэтыя разбурэнні выклікалі - у ваенныя і першыя пасляваенныя гады - сітуацыі, якія спрыялі эпідэміям і голаду, якія каштавалі жыцця мільёнам іранцаў.

Таксама разбурэнні і беспарадкі ваенных часоў моцна спрыялі сепаратысцкім паўстанням (якія часам былі падтрыманыя СССР), што ставілі пад пагрозу цэласнасць Ірана. Брытанцы спрабавалі ператварыць Іран у пратэктарат пасля Першай сусветнай вайны і паспяхова падтрымалі дзяржаўны пераварот у 1921 годзе. А пасля Другой сусветнай вайны надышла чарга амерыканцаў падпарадкоўваць гэту краіну і займець яе запасы нафты, што было дазволена ім іх празаходнім марыянеткавым шахіншахам Махамадам Рэзай Пехлеві і пераваротам, арганізаваным імі ў 1953 годзе.

Шах Махамад Рэза Пехлеві ажыццявіў прымусовую вестэрнізацыю краіны з дапамогай законаў, школьнай сістэмы, адзення і гэтак далей, што рабіў і яго папярэднік Рэза-шах Пехлеві. І гэтак жа, як пры яго бацьку ў 1935 годзе праходзілі вялікія пратэсты з нагоды палітыкі вестэрнізацыі, так і ў праўленне Махамада Рэзы Пехлеві супраць такой жа палітыкі расла народная незадаволенасць, якая прывяла да адкрытага паўстання з рэвалюцыяй 1979 года, у выніку чаго шах быў адпраўлены ў высылку і адбылося абвяшчэнне рэспублікі. Заходняя палітыка ў Іране не працуе, большасць іранцаў не хочуць яе, сама гісторыя кажа пра гэта.

Калі мы гаворым пра пратэсты, ніхто ў мэйнстрымных сродках масавай інфармацыі не выказвае сумненняў у тым, што яны могуць быць не цалкам спантаннымі, але падштурхоўваюцца і падтрымліваюцца Захадам, які зацікаўлены ў дэстабілізацыі дзяржавы з варожым яму ўрадам. Таксама мы вельмі шмат гаворым пра антыўрадавыя пратэсты ў Іране, але нават не паказваем праўрадавыя народныя дэманстрацыі.

Нарэшце, варта прыгадаць вялікую заходнюю крывадушнасць, якая ўспамінае аб правах чалавека толькі тады, калі гэта зручна. Калі існуе, як і ў гэтым выпадку, дзяржава з урадам, не ўзгодненым з заходнімі інтарэсамі, то тут жа яе абвяшчаюць парушальнікам правоў чалавека па пытаннях гендэрнай роўнасці, дэмакратыі, свабоды слова і так далей. Калі ж гэтыя правы ігнаруюцца - нават больш сур'ёзна - празаходнімі краінамі, ніхто не клапоціцца аб статусе жанчын падобных краін або аб свабодзе яе грамадзян дэманстраваць палітычнае іншадумства. Паглядзіце на такія дзяржавы, як Ізраіль і Саудаўская Аравія, дрэнныя з пункту гледжання павагі так званых правоў чалавека, але ЗША і ЕС вядуць з імі справы без таго, каб клеймаваць их у выпусках навін.

Карацей кажучы, тыя, хто робяць відэа на Tik Tok са стрыжкай валасоў, каб прадэманстраваць салідарнасць з агентамі-правакатарамі Захаду, і ідуць на мітынгі дзеля адмены іранскай культуры на карысць чужой і вестэрнізаванай, магчыма, не зразумелі, як менавіта працуе свет.

Іран вінаваты не ў тым, што прымушае жанчын насіць вэлюм, а ў жаданні быць незалежнай краінай, якая не падпарадкоўваецца інтарэсам Злучаных Штатаў Амерыкі. Няхай жыве незалежны Іран! Няхай жыве рэвалюцыя! Няхай жыве Хамейні!

Меркаванні аўтараў могуць не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі “Нашага Партала”.

—***—
Читайте нас в Яндекс.Дзен и Google News. Присоединяйтесь!
Хотите поделиться интересной новостью? Отправьте ее нам в телеграм-бот.
Нашли ошибку в тексте? Выделите ее и нажмите CTRL+ENTER.