Автор: NPR.BY
Фото: onliner.by
8 ноября 2023, в 11:00.

«Стараверы»: выйшаў новы дакументальны фільм пра стараабрадніцтва ў Беларусі

Новы цікавы матэрыял, прысвечаны гісторыі і сучаснасці стараверства (якое таксама называецца стараабрадніцтвам) у Беларусі, на днях быў размешчаны ў сетцы інтэрнэт. Ён уключае ў сябе дакументальны фільм "Стараверы" і суправаджальны артыкул.

З іх можна даведацца пра гістарычныя сэнсы стараверства ў Беларусі, а таксама пра культуру і сучаснае жыццё старавераў у нашай краіне. Матэрыял быў створаны і апублікаваны інтэрнэт-парталам "Анлайнер".

Фільм змяшчае пазнавальны роспавяд пра жыццё і звычаі беларускіх старавераў Фёклы Агапееўны Лапухіной - стараверкі, якая належыць да беспапоўскага паморскага сагласа (сагласамі называюцца накірункі стараабрадніцтва) і жыве ў вёсцы Капусціна Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. Аўтарам артыкула з'яўляецца навуковец-філолаг Вадзім Аляксандравіч Шклярык.

У якасці навуковага кансультанта і каментатара пры стварэнні фільма і тэкставага нарыса выступіў гісторык і рэлігіязнаўца Радзівон Ігаравіч Попель.

Таксама ў нарысе можна ўбачыць спецыяльна створаную карту рассялення старавераў у сучаснай Беларусі.

Азнаёміцца з фільмам можна і на нашай старонцы.

У фільме і тэкставым нарысе Радзівон Попель наступным чынам тлумачыць сэнс з'явы стараабрадніцтва:

— Тое, што мы разумеем сёння пад старым абрадам, гэта пэўная традыцыя Праваслаўнай Царквы, якая існавала ва ўсім праваслаўным свеце, умоўна кажучы, да XVI—XVII стагоддзяў. Потым паступова адбываўся пераход на так званы новы абрад. І ў гэтым сэнсе тэрыторыя Беларусі таксама была па сутнасці сваёй стараабрадніцкай да другой паловы XVI — першай паловы XVII стагоддзя. То-бок стары абрад — гэта ні ў якім выпадку не нешта такое, што з’явілася ў Расіі ў сярэдзіне XVII стагоддзя. Адпаведна, да гэтага часу мы ўсе, нашыя продкі былі стараабраднікамі. Канешне, тады гэта так не называлася, зараз мы рэтраспектыўна так называем, але па сутнасці сваёй гэта так. Вядомыя ўсім у нас Святы Кірыл Тураўскі, ці Святая Ефрасіння Полацкая, ці Святы Елісей Лаўрышаўскі — яны па сутнасці былі стараабраднікамі.

Пры гэтым значэнне стараверства для сучаснай беларускай культуры, на думку даследчыка, з'яўляецца вельмі істотным:

— Дзякуючы беларускаму стараабрадніцтву мы маем у сучаснай беларускай культуры такі вялікі, яркі і важны кампанент, як стараабрадніцкая культура, стараабрадніцкае мастацтва, стараабрадніцкая мастацкая спадчына. Усё гэта ўжо даўно стала неад’емнай часткай беларускай культуры: веткаўскі іканапіс, веткаўскія і паморскія кнігі, веткаўскае разьбярства… Гэта ўсё тое, без чаго сучасную беларускую культуру немагчыма сабе ўявіць. Ну і адпаведна, што б мы страцілі, калі б гэтага ўсяго не было? Вось гэта б усё і страцілі. Нашая культура была б значна менш разнастайнай. І я б сказаў, што нават традыцыя праваслаўя ў Беларусі таксама была б значна менш разнастайнай.

На падставе каментара, які Радзівон Попель раней даваў для "Нашага Партала", таксама можна вылучыць наступныя гістарычныя сэнсы стараверства для гісторыі і сучаснасці Беларусі.

Па-першае, насуперак адносна распаўсюджанаму стэрэатыпу аб чыста расійскім паходжанні стараабрадніцтва ў выніку царкоўнага расколу XVII ст., стараабрадніцкім па сваёй сутнасці праваслаўе было на землях Беларусі аж да XVI-XVII стст., калі ў Вялікім Княстве Літоўскім паступова распаўсюдзіўся. рэфармаваны богаслужэбны чын - так званы "новы абрад". Стараабрадніцкім па сваёй сутнасці праваслаўе, уласна, было да названага перыяду на землях усёй гістарычнай Русі, як і большай часткі праваслаўнага свету ў цэлым.

Па-другое, неабходна назваць працэс перасялення стараабраднікаў з Расіі ў выніку ганенняў царскіх улад пасля царкоўнага расколу XVII ст. і ў пазнейшы час на тэрыторыю Беларусі, у выніку чаго ўзніклі цэлыя стараабрадніцкія рэгіёны, напрыклад, на Гомельшчыне (Ветка і цэлы шэраг пераважна беглапапоўскіх слабод вакол яе), Віцебшчыне (у асноўным беспапоўскія паселішчы) і іншыя. Некаторыя з іх — Веткаўшчына, верагодна, найбольш яскравы прыклад - сталі важнымі цэнтрамі іканапісу, рукапісу і кнігадрукавання, а таксама іншых мастацтваў і рамёстваў. Паступова стараабрадніцтва стала арганічнай часткай беларускай культуры і грамадства.

Па-трэцяе, у Беларусі існуе сучаснае стараабрадніцтва, што робіць яго феноменам зусім не толькі гістарычнай даўніны, але і нашых дзён. І тут неабходна адзначыць, з аднаго боку, існуючыя ў Беларусі папоўскія і беспапоўскія сагласы, а з другога боку, паступовае адраджэнне стараабрадніцтва ўнутры Беларускай Праваслаўнай Царквы.

—***—
Читайте нас в Яндекс.Дзен и Google News. Присоединяйтесь!
Хотите поделиться интересной новостью? Отправьте ее нам в телеграм-бот.
Нашли ошибку в тексте? Выделите ее и нажмите CTRL+ENTER.