Што добра, а што дрэнна ў новай Канстытуцыі на думку аналiтыка Цэнтра сацыяльных і інтэграцыйных даследаванняў Радзівона Попеля

29 декабря 2021, в 17:34. Автор: NPR.BY

Фото mazyr.by

Цэнтр сацыяльных і інтэграцыйных даследаванняў вывучыў праект Канстытуцыi i вызначыў яго адмоўныя i станоўчыя бакi.

Асноўныя станоўчыя бакі праекта Канстытуцыі:

1)  Адсылкі ў Прэамбуле і іншых месцах да нацыянальнай самабытнасці, суверэнітэту, незалежнасці, культурных і духоўных традыцый, сацыяльнай справядлівасці;

2)  Добрыя дадаткі ў артыкул пра сям'ю - вызначэнне сям' і як саюзу мужчыны і жанчыны, абавязак бацькоў выхоўваць дзяцей у нацыянальных традыцыях, рыхтаваць да грамадска карыснай працы. У Канстытуцыі 1994 г. таксама мелася ўказанне на тое, што ў шлюб могуць уступаць толькі мужчына і жанчына, але ў варыянце 2021 г. гэта прапісана дакладней;

3)  Уключэнне пункта пра неабходнасць развіцця атамнай энергетыкі;

4)  Некаторае абмежаванне паўнамоцтваў Прэзідэнта (у т.л. скасавана права выдаваць Дэкрэты) пры захаванні сістэмы прэзідэнцкай рэспублікі;

5)  Забарона балатавацца ў прэзідэнты не толькі тым, хто мае ці меў замежнае грамадзянства, але і дазвол на жыхарства;

6)  Некаторае ўзмацненне паўнамоцтваў Савета Міністраў і Нацыянальнага Сходу;

7)  Спроба адыйсці ад шаблоннай схемы дзяржаўнай сістэмы “ліберальнай дэмакрытыі” ў выглядзе надання канстытуцыйнага статусу Усебеларускаму Народнаму Сходу і вызначэння яго паўнамоцтваў (з агаворкамі);

8)  Захаванне пункта, згодна з якім “узаемаадносіны дзяржавы і рэлігійных арганізацый рэгулююцца законам з улікам іх уплыву на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа”, што адсылае да важнасці традыцыйных канфесій у жыцці дзяржавы і грамадства;

9)  Захаванне статусу сацыяльнай дзяржавы, вызначэнне магчымасці атрымання бясплатных медычнай дапамогі і адукацыі (з агаворкамі);

10)  Захаванне нетраў, водаў, лясоў, земляў селькагаспадарчага прызначэння ва ўласнасці дзяржавы;

11)   Захаванне смяротнай кары як выключнай меры пакарання (з агаворкамі);

13)  Адсутнасць у Канстытуцыі замацавання новай дзяржаўнай пасады – “амбудсмена / упаўнаважанага па правах чалавека”, увядзенне якой прапаноўвалася раней і ўжо прысутнічала ў праекце Асноўнага закона, што быў выкладзены летам 2021 г.

Асноўныя адмоўныя бакі праекта Канстытуцыі:

1)  Уся Канстытуцыя (асабліва Прэамбула і Раздзел І), як і раней, прасякнута ліберальнымі ідэалагемамі, такімі як "правы і свабоды чалавека", “агульначалавечыя каштоўнасці” і г.д. Дэкларуецца амаль неабмежаваны плюралізм палітычных ідэалогій і поглядаў. Пры гэтым “правы і свабоды чалавека” абвешчаныя “найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы”. Аднак “абавязкі чалавека і грамадзяніна” не фармулююцца ні як усвядомленая каштоўнасць, ні як мэта, а іх прыгадванні маюць значна менш пафасны характар. Таксама не падкрэсліваецца сувязь правоў і абавязкаў грамадзян;

2)  Няма адсылкі напрамую да хрысціянскіх каштоўнасцяў і каштоўнасцяў іншых традыцыйных канфесій, нягледзячы на наяўнасць вялікай колькасці такіх прапаноў;

3)  Захоўваецца дэклараванне прыярытэту “прынцыпаў міжнароднага права” над нацыянальным. Прыярытэт нацыянальнага права не забяспечаны. Гэты пункт з’яўляюся адным з самых адмоўных у Канстытуцыі 1994 г., бо паставіў дзяржаву сваімі ж рукамі ў фармальную залежнасць ад глабальнай сістэмы лібералізму. На жаль, не быў скасаваны ён і зараз;

4)  Пры ўсёй разумнасці фармулёўкі шлюбу як саюза жанчыны і мужчыны, адсутнічае фармулёўка шлюбу як “саюза мужчыны і жанчыны па нараджэнні”, што пакідае пэўныя магчымасці да прасоўвання ў шлюбна-сямейныя адносіны ліберальнай ідэалогіі вычварэнняў, “гендэрнай тэорыі” і фемінізму. Фраза “муж і жонка маюць роўныя правы ў шлюбе і сям’і” з’яўляецца відавочна залішняй, бо сігналізуе, быццам бы да гэтага дадзеныя правы не былі роўныя, што з’яўляецца безумоўным паклонам у бок “гендэрна”-феміністычнага дыскурсу;

5)  Усебеларускі Народны Сход так і не будзе хаця б часткова выбірацца па прафесійнаму і працоўнаму прызнаку, што актыўна прапаноўвалася раней. Туды не плануецца ўключаць прадстаўнікоў працоўных калектываў і галін эканомікі. Гэта паніжае значнасць УНС як органа салідарнага і карпаратыўнага прадстаўніцтва. Сістэма фармавання УНС дакладна не вызначана;

6)  Недакладнасць некаторых фармулёвак наконт сацыяльнай палітыкі, што можа дазваляць яе звужэнне. Напрыклад, замест фразы “гарантуецца права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне” сказана “гарантуецца права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне за кошт дзяржаўных сродкаў у парадку, устаноўленым законам”;

7)  Нягледзячы на канструктыўны характар захавання магчымасці выкарыстання смяротнай кары, не была выдаленая фраза пра мажлівасць яе скасавання. Смяротная кара як вышэйшая мера пакарання павінна быць канчаткова і цвёрда замацаваная без усялякіх заляцанняў да ліберальнага права.

"Выкладзены праект Канстытуцыі мае сінтэтычны характар і ўключае палажэнні як з сацыяльна-кансерватыўным, так і з ліберальным зместам. Далёка не ўсе прапановы па лібералізацыі прайшлі ў тэкст Канстытуцыі, але некаторыя былі ўведзеныя. З іншага боку, прапановы, сэнс якіх можна вызначыць як кансерватыўны ці сацыяльны, таксама былі ўключаныя часткова, але далёка не цалкам, што абумоўлівае неабходнасць далейшага ўнясення правак у тэкст праекта Канстытуцыі", - робiць выснову Попель.

—***—
Читайте нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Instagram. Присоединяйтесь!
Хотите поделиться интересной новостью? Отправьте ее нам в телеграм-бот.
Нашли ошибку в тексте? Выделите ее и нажмите CTRL+ENTER.